ЛЁГАЧНЫЯ МАЛЮ́СКІ (Pulmonata),

падклас бруханогіх малюскаў. 2 надатр.: сядзячавокія (Basommatophora) і сцяблініставокія (Stylommatophora), каля 100 сям., больш за 35 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. г. назад), росквіт у кайназоі (каля 25 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды; большасць жыве на сушы, частка — у прэснай вадзе, нямногія — у моры. На Беларусі больш за 50 відаў, з іх каля 30 відаў прэснаводныя. Найб. вядомыя слімакі, слізнякі.

У большасці Л.м. ракавіна 0,6—210 мм. Цела мае галаву, вантробны мяшок са скурнай складкай — мантыяй, нагу. Унутр. паверхня мантыйнай поласці функцыянуе як лёгкае. Раслінна- і дэтрытаедныя, ёсць драпежнікі. Гермафрадыты; большасць відаў утварае сперматафоры, некаторыя яйцажывародныя. Развіццё без стадыі лічынкі.

Да арт. Лёгачныя малюскі: 1 — жывародка рачная; 2 — смоўж палявы; 3 — катушка рагавая; 4 — янтарка крохкая.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)